У Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку "Нясвіж" прайшоў III Міжнародны фестываль духоўнай творчасці "Багародзіцы пахвалу заспяваем".

На яго пляцоўцы гучалі вершы, песні, проза. Члены Мінскага, Гродзенскага, Брэсцкага аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі прысвячалі свае творы, роднай хаце, маці.

Уладыка Веніямін, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, адзначыў, што цяпер асабліва важным стала ўмацаванне і выхаванне духоўна-маральных пачаткаў у маладога пакалення.

У рамках работы круглага стала ад публічных бібліятэк Гродзеншчыны выступіла дырэктар Дзяржаўнай установы культуры "Слонімская раённая бібліятэка імя Якуба Коласа" Тамара Гайдук з тэмай "Супрацоўніцтва бібліятэкі з Праваслаўнай Царквой па духоўна-патрыятычным выхаванні моладзі" на прыкладзе працы філіяла "Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Вялікія Шылавічы".

Тамара Батыраўна цікава расказала аб рэалізацыі праекта, які быў высока ацэнены на Рэспубліканскім конкурсе "Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання" — адзначаны дыпломам І ступені. Яна падкрэсліла, што ланцужок " літаратар — выдавецтва — кніга — школа — бібліятэка — чытач" не павінен перарывацца. Толькі сумеснымі намаганнямі можна развіць у маладым пакаленні патрыятызм, грамадзянскасць, імкненне папулярызаваць гісторыю сваёй краіны, яе традыцыі.
Служба інфармацыі "КіМ"